«ПАДА́ННЕ АБ КНЯЗЯ́Х УЛАДЗІ́МІРСКІХ»,
помнік рас. л-ры і публіцыстыкі 16 ст., які выкарыстоўваўся велікакняжацкай, а пасля царскай уладай для ўмацавання свайго аўтарытэту. У аснове «Падання» легенда пра паходжанне ўладзімірскіх і маскоўскіх вял. князёў ад рым. імператара Аўгуста праз легендарнага Пруса, які нібыта з’яўляўся адначасова нашчадкам Аўгуста і сваяком Рурыка — заснавальніка княжацкага роду Рурыкавічаў. Другая легенда апавядала пра набыццё Уладзімірам Усеваладавічам Манамахам царскіх рэгалій ад дзеда па маці візант. імператара Канстанціна Манамаха. Час з’яўлення гэтых легенд невядомы. У пач. 16 ст. (не пазней 1523) яны былі злучаны ў «Пасланні» цвярскога царк. публіцыста Спірыдона-Савы. На аснове «Паслання» складзена 1-я рэд. гэтага «Падання», ідэі якой выкарыстоўваліся ў дыпламат. спрэчках пры Васілю III і Іване IV. Легенда пра паходжанне маскоўскіх вял. князёў ад Аўгуста ўключана як уступны артыкул да Гасударава радаслоўца 1555 і ў Сцепянную кнігу (паміж 1560 і 1563, апалогія маскоўскай манархіі). 2-я рэд. «Падання» напісана як уступны артыкул да «Чыну вянчання» Івана IV у 1547.
т. 11, с. 484
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)